О, я не ў сон глухі закута,
сумота сэрца не скрабе,
было турмою і атрутай
усё, дзе не было цябе.
Апошпі снег... Ён, як збавенне
ад спраў, што марнымі былі.
Ты мне вярнуў ізноў натхненне,
бязмежнасць неба і зямлі.
Як многа стала летуценняў,
бы ўночы зорак залатых,
і як чароўны міг цвіцення,
мне сінява вачэй тваіх.
Капрыз свавольнае прыроды
ці дня настылага адчай? —
Чуць не хачу, з якой нагоды
гукнуў ледзь чутна: «Прывячай...»
Ёсць тлум жыццёвай крутаверці,
ёсць ачышчальнае святло,
і не закрэсліць нават смерці
таго, што радасцю было.
Так хораша ўсяму здзіўляцца,
бы рэчка ў пустку зацякла,
а пацеркі ў халодных пальцах
усё дрыжаць, нібы са шкла...