* * *


Ізноў вяртацца ў сталасць з маладосці,

нядоўгаю была цяпер яна.

Здаецца, лісце начыняе злосцю

сцюдзёная і позняя вясна.

Не зразумеюць і асудзяць людзі,

прыму любое ў сэрца пакаранне,

але нішто на свеце не астудзіць

пунсовых шчок, запаленых каханнем.

У думках і ў пачуццях — куламеса,

заместа болю — радасць б'е з грудзей,

такая дробязь: круг зары над лесам,

і... сэрца зноўку поўнае падзей.

Загрузка...