ЗІМОВЫ ВЕЧАР


Дзіця маё, з галіны не змахні

пушысты снег,—

ён горад упрыгожыў...

Санлівых вуліц рыцары-агні

мігцяць,

бы пішуць казкі для прахожых.

Пабольшалі і дрэвы, і кіёск

у бляску электрычнае вясёлкі,

калматых аблачын касмічны воск

на небе адлівае цень ад ёлкі...

Захопіць пераплецены віток,

пакінуты канькамі віртуоза,

да ночы не ўгамоніцца каток —

узлёты і падзенні,

смех і слёзы...

А ветру мімалётнага парыў

так лёгка над сумётамі шугае,

бы першы раз са мной загаварыў

той, з кім сустрэч сама цяпер шукаю.

Загрузка...