Цвіў лён. Жаўцела дзе-нідзе свірэпка.
I раптам з хмаркі лёгенькае — град...
Я з хаты ў двор, a наўздагон: «Там Пэпка!
крычаў дзядуля.— Пэпка там... Назад!»
Там Пэпка! — чула ля віхлястай кладкі,
у лесе — Пэпка, ён жа i ў стажку...
Я да лілей цягнулася з аглядкай,
а што, як Пэпка ўхопіць за руку?..
Бывала, цемра... ані зоркі слепкай,
не ноч — а апраметны дэтэктыў,
ды пазіраў з-за шыбак дзіўны Пэпка,
так, як дзіця глядзіць у аб'ектыў...
Ён не лякаў. Я ведала, што стогне
на печы дзед. А Пэпка... ён — дзівак!
Зусім нядаўна залячыў мне вогнік,
смяяўся ж дзед,— ад Пэпкі мёду гляк!
...Зноў лён цвіце, каля мяжы свірэпка,
мой сын бяжыць да кладкі, да вады,
i я крычу: «Назад, сынок... Там Пэпка!..
Хутчэй вярніся... Чуеш, ты?.. Куды?!»
Куды-ы! — плыве па лугавым кіліме.
Там Пэпка-а! — рэха ўецца па траве.
Даўно памёр дзядуля мой Ладзімер,
а Пэпка i дасюль усё жыве...