Ёсць сад стары за сіняй азярынай,
там па адным не ходзяць, толькі ўдвух,
там аблачыны сцелюцца пярынай,
калі туман, дык гэта з неба пух...
Чакаю адвячорка, каб хутчэй
між дрэў грывастых і раслін калючых
сустрэць святло зажураных вачэй,—
бы раптам лес расступіцца дрымучы.
Прыручаны, як дрэвамі шпакі,
даверлівы... з ім лёгка і трывожна,
бы матылька падносіць да шчакі —
так душна стане, прадыхнуць няможна.
Гуркі ў разоры. Корчык ля грады.
Край неба над шпакоўняй заімглёны...
А сад такі ўрачысты і зялёны,
што сэрцу ўжо не хочацца туды.