ПАЭЗІЯ


Радок — спадман, ён толькі рамяство,

штуршок да неспакою i сумнення.

Уяўным развярэдзіць хараством,

няспраўджаным апаліць летуценнем.

Я шмат разоў пытала, што ёсць Ты,

ў сяброў сваіх, у птушак, у сумлення...

Ты дадаеш бяздумным пустаты,

разумнікам не дадаеш гарэння.

Ты ў снах маіх гаротніцай крычыш

i дзіўна спакушаеш паднябессем,

арліцаю здаешся на плячы

i б'еш наводмаш салаўінай песняй.

Бываю часта рознаю ў жыцці:

i сейбіткай, i часам пабірахай...

Што ж Ты такое?— зноў пытаю ў птаха,

птах у прастору гулкую ляціць.

Загрузка...