ДЗЕНЬ. ВЕЧАР. РАНІЦА


*

Застыў вясёлым роспісам алей.

Спалох закалыхала слоў калыска.

Стаў пэндзлік непатрэбным...

Як Вы блізка!

Тушуе густа дзень наша д а л е й...

(аддаю ў запісную кніжку юнай

паэтэсе, думаючы аб сваім...)


*

У вокнах вечар гаманлівы згас,

і паглыбела пад паглядам неба.

Папера, стол...

Душа пяе пра Вас,

ды Вам пра гэта

знаць зусім не трэба.


*

А раніца прарвала ліўнем лета

і на паляне ў рост пайшла трава.

За хмарай шызай неба сінява...

Я і такім пачаткам дня сагрэта.

Жыццё — тартак,

пілуе нервы час,

адчай, мана і здрада — пілавінне...

Я не зайздрошчу Вашай палавіне —

жанчыне, што пры Вас не знае Вас.

Затканы ліўнем сцежкі і дамы,

пераспяваць прыроду я не ў сіле,

хоць і ў слабога вырастае крылле

ад думак, што зліліся лёгка ў «Мы»...

Здалося, што па Вашаму загаду

зляцеліся да вокнаў галубы,

і, нібы кліч прызыўнае трубы,

азваўся спеўна гром з-за далягляду.

I ўпершыню баяцца вусны вуснаў.

«Мы...» — выдыхае трапятліва рот...

Жыццё — тартак,

і ўсё — паадварот,

ды мара не была б такой спакуснай.

Шырэе неба ў вокнах ад святла,

і гром, і дождж —

бы й не было! —

далёка..

Прачнуўся муж, пытае: «Дзе была?»,

адказваю: «Вярнулася з аблокаў».

Загрузка...