РАМАНТЫЧНЫ ВЕРШ


Цяпер я знаю — шчасце злая ноша,

акно ў нядзелю, за якім імгла...

Туман i дождж, гарачы лісця пошум

i вецер з-пад птушынага крыла.

Праб'ецца вечнасць зоркай з паднябесся,

душу агорне дзіўных дум агонь,

i доўга ўночы будзе сніцца песня

пра мурагі, дзе ходзіць сівы конь.

Растане ў золку прывід трапятлівы,

пакіну радасць у трывожным сне,

а ранне блісне пасмай белай грывы,

ах, гэта конь, напэўна, па мяне...

Сплыве дасвецце хусткай паркалёвай,

рассеюць промні дзіўных дум агонь...

Няпраўда ўсё — адкуль у Мінску конь?!

Хіба што збег з палотнаў Шчамялёва...

Загрузка...