* * *


Ад калыханкі да радка —

бы ў поле матчына дарога,

дзе каля кожнага грудка

спакой матулін і трывога...

Што ні размова, то пра свет —

вірлівы, мройны, адмысловы,

а ў свеце цесна ад ракет,

і стала менш даверу ў словах.

Пагроза страшнага агню...

А мне іскрынка згоды трэба,—

мая дачушка ўпершыню

усмешліва зірнула ў неба.

Там аблачынка растае,

маладзічок сады вартуе...

Дачка Сусвету штось буркуе,

я з лёсам гутару яе.

Загрузка...