Усё забыць — імгненна і адразу.
— Дзень добры, асцярожна...
Там газон,—
і высмеяць заблытаную фразу,
падняць на смех не модны парасон.
Адвесці вочы ў гаманкім партэры,
між іншым, пры размове пазяхнуць,
прайсці —
на ўздых —
ад Вашае кватэры,
але на вокны так і не зірнуць...
Калі ж гарачым шалам успаміну
абдасць шыпшыны трапятлівай пах,
не важным стане, хто каго пакінуў,
з гаркотай ці з надзеяй на губах.
Дазвольце мне вярнуцца з лістападу,
з завеі ці з дажджу ў будзённы час,
каб доўг аддаць у глыбіню пагляду,—-
замоўчанае:
«Я КАХАЮ ВАС...»