Мільёны дзён мяне кахаў,
мільёны дзён ішоў з нябыту,
з'явіўся ўрэшце і сказаў:
«Як дзіўна, мною ты забыта».
Пачнуць на горцы наракаць
па ўрокі юныя мінчане,
што ж, я змагла б ім выкладаць
прадмет над назваю «маўчанне».
Маўчу... Ні клопату, ні спраў,
прайшоў праз сэрца, выйдзе ў дзверы
той, хто мільёны дзён кахаў
і... ў гэта сам не змог паверыць.