* * *


Не верыць ні ўгаворам, ні слязе

прамоўца слоў і правільных, і смелых,

ён сёння маці кволую вязе

з глухой сядзібы ў дом для састарэлых.

Ужо сабрана ў клункі ўсё, што ёсць,

да сцен бацькоўскіх не прывыклі дзеці,

дзе маці пахавала маладосць,

мо старасць больш утульныя асвецяць?

Ах, цётачка, надзея — не віхор,

каго заўгодна можна абнадзеіць,

мажліва, праўда, састарэлых хор

развейвае самоту штонядзелю...

Тут — адзінота стрэламі ў вушах,

там — фільм штодня ад скрухі і ад гора.

Шчакою трэшся аб стары вушак,

што быў заўжды надзейнаю апорай.

Перавярнуўся з ног на галаву

старэнькі свет пад стрэсамі, няйначай,

ды не шапчы ты: «Дня не пражыву!».

ды не залатвай лёс ціхуткім плачам.

Як б'ецца часам ён за кругам круг,

наш лёс, калі руку прыложаць злыдні,

не плач, а лепш з адчаю ўсяго вытні

таго, хто ўжо не помніць ласкі рук...

Загрузка...