ВЕРШЫ БЕЗ АПОШНЯГА РАДКА

Шукайце сцежку па карчах,

калі прыйшла пара паводцы...

Шануйце шчырасць у вачах,

душы адкрытае ў гаворцы.

Не адчужайцеся па тым,

хто колькі вам пакінуў болю,

i не спяшайцеся на волю,

калі былое — горкі дым...

Маім чытачам


1

Цяпер сачы... ў сяброў маіх

распытвай.

Здавалася,—

лес назаўжды адсек

твой позірк у гады мае, як брытвай,

i знікла я...

i думала — навек! —

У той зіме сумётнай i шумлівай,

нібы жанчына, што сказала:

«Мой!»,

спытайся, ці была пасля шчаслівай,

я адкажу: той самаю зімой.

Знаходзіць шчасце ў сытай асалодзе

здаволены, о, ён не мой герой...

Душа заўжды малілася прыродзе

душы, што носіць спадзяванняў рой.

Хай спадзяецца варты спадзявання.

Хай тужыць, каму дадзена тужыць.

Я страчвала зімою той каханне,

на справе —

толькі пачынала жыць...


2

Фантазіі ў жыцці няма мяжы,

любы мастак тады б мне пазайздросціў...

З насмешак,

з непрытульнасці,

з ілжы —

надоўга трапіць да адчаю ў госці.

Я потым зразумела: не адчай!

Звінелі нечым даўнім сцены ўпотай,

i раненька будзіла адзінота,

спярша яна...

пасля птушыны грай.

Ёй многім абавязана цяпер,

пакінуўшы яе шкляныя дзверы,—

да ix з жыцця таму вядзе знявер,

што ўмее адзінота ўзняць да веры.

Перш у сябе...

У здольнасць палюбіць

травінку,

дрэва,

постаць чалавека,

што цягне дзён немітуслівых ніць

з хмурынкай стомы на цяжкіх павеках.

У адзіноты нораў не круты,

яна для сэрца,

як для зерня глеба,

хоць ратавала ў скрусе частай неба,

жылося тым,

што мне пакінуў ты...


3

Пчала, пачуўшы сонца, размярэжыць

туманаў прыдарожную кайму,

хацела верыць голасу твайму,

як вераць у адлівы прыбярэжжы.

Слоў не было...

Ўсе гаварылі вочы,

не знаю, дзе канец майму жыццю,

ды знала:

немагчыма пачуццю

вярнуцца,

скуль пайшло яно аднойчы.

Схацелася б пустыні мець бярозу,

сказаў бы мудры мудрае:

«Дарма!» —

i дыктаваў штодня цвярозы розум:

туды не трэба,

дзе цябе няма.

Так перажыўшы лютую зіму,

з палёгкаю ўздыхнуць спрабуе вецце:

не тое сонца,

што праменна свеціць,

а тое,

што цяпло дае ўсяму...


4

Дзень у жыццё ідзе з начы

i ў ноч ўпадае,

патроху ўсім раздаючы,

што выпадае.

Пяшчота — вам,

а вам — бяда,

а вам — дакука...

I дню нічога не шкада —

будзь смех, будзь мука.

Ноч звязвае два розных дні

сабой адною,

яна — праслойка цішыні

між мітуснёю.

Без дня яна — без дрэва цень;

рака — без броду...

I што вышэй за ўзнагароду —

з дня ў ноч, з начы ізноў у дзень?..


5

Раней было i зараз яно ёсць,

хоць часта пагражае развітаннем...

Нас маладосць адорвае каханнем,

каханне нас вяртае ў маладосць.

Будзь юным ці зняможаным старцом,

тады адкрыеш тайну захаплення,

калі сябе адчуеш пад вянцом,

падоранага вечнасцю натхнення.

А без яго дзень поўны пустаты.

Пайшоў... з вянцом,

бы пад аховай ззяння,

i ля чыіх калень яго здымаеш ты

пасля майго адданага кахання.

Цяпер знайшла прытулак ноч у сценах,

дзе мне чакаць тваёй павечна ласкі,

бо, можа быць, жыцце ўсе наша сцэна,

i толькі смерць здымае з твараў маскі.

А голас ветру,

дзікі i хрыпаты,

нібы шумеў з далёкіх мне вякоў:

знаходзіць той,

хто знаў няволю страты,

хто знаў каханне,—

пакахае зноў...


6

Уся яна як дзьмухавец,

далёкая ад засмучэння,

i дрэў зялёная павець

яе азорана свячэннем.

Разгублена ўздыхаю я

(старонні скажа: «Ах... дзівачка!»),

хай бы была яна — жняя,

настаўніца ці, скажам, швачка.

Змагла б i палюбіць яе,

бо жнеек шлях усім вядомы,

як рэдка хтосьці з ix пяе,—

часцей зажураны ад стомы.

А швачка...

Шво бяжыць з-пад рук,

i твар яе мне быў бы мілы,—

хай паспрабуе хто без мук

укласці ў працу час i сілы.

Настаўніца...

Паспачуваць

ей можна ў нашым спрэчным свеце,

яе змагла б я апяваць,

бо знаю,

што такое дзеці.

А тут...

Хоць узнясі, хоць плюнь,

бы й невядома ей кручына,

з табой ідзе адно Жанчына,

ды... з наравістасцю красунь.


7

Навошта...

навошта...

навошта?!

Гавораць жа, свет — з дабрыні.

Не хоча прыслухацца пошта,

што стал i пакутнымі дні.

Мінае мой дом лістаноша,

хвіліны плывуць, як вякі,

i сніцца мне доўга пароша,

вяртайцеся ў вырай, шпакі!..

Азвецца зялёная засень,

увяжа свой шолах у сны,—

то ў нейкім нявызнаным часе

ты шэпчаш мне казкі вясны.

У месяцы збегліся ночы,

а сны — у чародку гадоў,

дзе сінія-сінія вочы

смяюцца з маіх халадоў.


8

Багаты ўзор на лйдзе выстрач

ці поўню з ліхтаром стачы,

было адно: мароз i Свіслач,

пакойчык быў,

бы ўсмех начы.

Нібыта твар дрымотны нечы

сачыў з-пад навесі галін,

a ўжо хацелі ласкі плечы

пад мяккай сховаю тканін.

Яшчэ далёкія ад здрады

ішлі, як на святло крыніц,

свае ўліваючы пагляды

у таямніцу з таямніц...

Не знаць снягам,

як сэрца б'ецца,

дрэў не ўстрывожваць маладых,

хай у нашчадках адзавецца

дакорам той гарачы ўздых,

калі, як мары, свечкі тухлі

i ўздрыгваў зоркі паплавок,

нага шукала доўга туфлік,

бы сярод багны астравок.


9

Не збылося. Тая ноч забыта.

Ты не помніш. Дзе яе святло?!

Фортка ці душа мая адкрыта

ўсім дажджам, што стукаюцца ў шкло.

«Мілы!» — не скажу табе ніколі.

«Родны!» — навучуся забываць.

Многа кветак у айчынным полі,—

не спяшайся поле рабаваць...

Думала, гляджу замілавана,

вочы — два вугольчыкі ўначы,

страшна прачынацца некаханай

на душой прыдуманым плячы.

Акіян далёкі буркатлівы,

блізкая, разгублена шапчу,—

бедным будзь, але заўжды шчаслівым

бачыць цябе звоццаля хачу...


10

Спатыкнуцца, пахіснуцца, ды не ўпасці.

Будзень скрозь, а свята ходзіць госцем.

Свет сярдзіты рэдка песціць шчасцем,

a знябыты ў ім не бачыць злосці.

Кожны міг расстаўлены да кропкі,

сёння, як i заўтра, як заўжды...

Спраўны майстар Час такі таропкі! —

i ляцяць, ляцяць мае гады.

Поўня, як астылая фаерка,

вечар летні, вечаровы сум,

i не трэба раіцца з люстэркам,

a шчацэ гарэць ад скрытных дум.

З зайздрасці не зойдзецца зайздросны

з тых, што бачаць ноч, як кажаны...

Свет, бы тайна, гэтым i дзівосны,—

што ў ім праўда?.. Што сіло маны?..

Летні сон i душны, i дрыготкі,

бы дыміцца блізенька абрыў...

Сню цябе. Спаткання час кароткі.

А жыцце пытае ўжо: «Ці быў?»


11

Теперь, когда мне звезды ближе.Аляксандр Блок

Шумяць дажджы... a ліпень з ружай прыйдзе.

Кап-кап з лістка, бы снежка растае.

Дачка шчэ не глядзела ў вочы крыўдзе,

смяшліва мые боцікі свае.

Ёй даспадобы сцежак раздарожжа,

каменьчыкаў памытых лёгкі хруст.

Дачушка, мы працягнем падарожжа,

то проста хустка чэпіцца за куст...

То проста дожджык падае напеўна

на тратуар, дзе стыла шкло ільдзін.

Прахожы азіраецца няпэўна,

а сэрца мае б'ецца: «Не глядзі!..»

Ты! — а вочы шчэ не вераць —

праўда ці гульня ілжы?

Ты! — рыпяць паблізу дзверы.

Ты! — з галін ляцяць стрыжы...

Ты! — забілі кроплі гулка.

Той жа голас... крок... яшчэ...

Ты! — i стала цеснай вулка.

Хустка падае з плячэй...

Ты! — глядзіць дачка здзіўлёна.

Як шчыток яе ўзніму...

Дожджык цёплы, дол зялёны...

Ты! — навошта мне ў зіму?


12

Зіма... зіма... з паводкай адыходзіш.

З лістком апалым надыходзіш зноў...

Ты квецені ніколі не народзіш,

i ўсё ж люблю абшар тваіх снягоў.

Твой ледзяшок, прымерзлы да карніза,

як дар у лёс з багатае казны,

i першы твой капеж, нібыта віза,

у подых немінучае вясны.

Люблю тваё сцюдзёнае дыханне,

яно пры стратах самы лепшы фон...

...Як нецярпліва звоніць тэлефон! —

(Ў радок апошні просіцца —

КАХАННЕ.)

Загрузка...