Ніхто не скажа сёння мне, чаму
ледзь не чапаюць голле яблынь хмары
i вецер, быццам весела яму,
распырсквае ручай на тратуары.
Як пастушок, што ў поле выйшаў без
звычайнае i ёмістае кайстры,
уздрыгну раптам, бо чамусьці бэз
нагадвае пах восеньскае астры.
Я буду помніць да апошніх зорак,
якія згаснуць на канцы жыцця,
няхітры сэнс ажыўленых гаворак,
што цешылі, як цешыць спеў дзіця.
Хвалююць зоркі тайнамі спрадвеку,
i быў заўжды вясёлым месяц май,
чаму ж так горка, быццам чалавеку
сказала вельмі блізкаму: «Бывай...»