* * *


Бязмежнасць жыве ў снегападах,

завейныя мрояцца дні,

а позірк шукае ў паглядах

іскрынку жывой цеплыні...

Абудзяцца досвіткам крыгі,

і недзе ўздыхне Белавеж...

Вясны маладзенькай інтрыгі

ад вашых дзівацтваў не лепш!..

Не добрым спрыяюць удачы,

не злоснік нямее ад звад...

Штось кожны ў жыцці перайначыць,

ды толькі на ўласны свой лад.

Мне добра: мяне Вы не зналі...

Мне горка: я ўжо не скажу,

як свецяцца чыстыя далі

пасля праліўнога дажджу.

I страшна за Вас беспрычынна,

Вы, мілы, далёка не бог!

Дык як жа адчайнейшы ўчынак

памілаваць сёння Вас мог!..

Вось я адыходжу святая —

такой застануся для Вас,

ды што, як не святасць, штурхае

у тайны вялікія нас?!

Загрузка...