* * *


I ў рыфмы лёгкай ёсць свае кантрасты,

да слова «боль» прыпала «алкаголь»,

а недзе побач думкамі фантасты

ляцяць праз астэроідную золь.

Хлапчук-акселерат, мне сімпатычны,

ў запале прэч адкідвае пенал,

расказвае: ён бачыў сон касмічны,

сузор'е Рыб нам падало сігнал...

Прыдумаць можна хоць якую з'яву,

ды па-зямному разважае век:

так доўга з мары мы рабілі яву,

што дзе-нідзе згубіўся чалавек.

На чэрствасці прапаў ці на выгодзе,

я ўсё ж яму як брату напішу,—

перш чым зірнуць у новае стагоддзе,

пільней зірнём ва ўласную душу...

Загрузка...