НА ДОСВІТКУ Ў ЛЕСЕ


...Парожні кошык просіць нахіліцца.

Дупло вавёркі бачу на сасне.

Лісічкі расштурхоўваюць ігліцу,

і, як ніколі, сёння лёгка мне.

Паблізу дзесь павінна быць крыніца

расточак пасярэбранай вады,

у сэрцы можна несці таямніцу,

згараць навошта сэрцу ад нуды?

Яшчэ чужы і снам маім далёкі,

ды радасней за вестку аб вясне,

тэлеграфуюць сэрцу біятокі,

што недзе ты падумаў пра мяне...

Ты светла думай...

Сонцу пасміхайся.

Няхай бруяць крыніцы і гады.

Яшчэ чужы...— такім і заставайся,

няўлоўнае — найдаражэй заўжды.

Загрузка...