КУЛЁМА


Была вятрам бязлітасным знаёмай.

Ніхто не ведаў — хто яна? Адкуль?

Ішла сялом, шапталі ўслед: «Кулёма!

Не дзеўка, а саломы мокрай куль».

На тое й слова —

ўсцешыць i параніць,

калі ж клявалі зябліва гракі,

у сажалцы знайшлі яе пад ранне

скупыя на размовы рыбакі...

Хавалі,— сонца выбліснула ясна

на дрэвы, на зрудзелую траву,

i нехта з цётак у далоні пляснуў:

«Ба-а, людцы, як жа, бедную, завуць?»

З часоў тых, кажуць,

ля жытоў нязжатых,

дзе дзікае шалее васаўё,

Кулёма супыняе нежанатых,

пытаецца: «Дзе прозвішча мае?»

Загрузка...