У спёку чэзнуць ля дарог кусты.
У год скупы — год сніцца ураджайны..
Зімовы бераг голы і пусты,
як чалавек, які пражыў без тайны.
Былі ў яго работа і сям'я,
ён быў руплівым і аддана-шчырым,
але не чуў ніколі салаўя,
які заве душу ў таемны вырай.
Дзе нечакана выбухне аднойчы
і захлісне віхура пачуцця...
I ўсё жыццё пасля чытаюць вочы
ў чужым паглядзе лепшы дар быцця.