РАЗВІТАННЕ


Што задумвалася — не збылося.

Год прайшоў, як праплыў па сцяне,

i ўсміхаецца блізкая восень

гронкай горкай рабіны ў акне.

I над полем будзённай работы

невясёлае мары туман,

ні чакання, ні слёз, ні пяшчоты,

толькі злога бяссоння дурман.

I пакуль маладзік не патоне

ў прыбярэжных зялёных вірах,

стану ярасна мыць падваконне,

пыл з пакрэсленых стосаў сціраць.

Каб жа выжыла дужае сэрца,

стану піць дзівасіл з гладыша,

a няўцямны сусед рассмяецца:

«Бач, пяе ў маладзіцы душа».

Загрузка...