Час для Вас не лекар, не грымёр...
Дзверы насцеж,—
Вам, як ветру, рада,
толькі клён за шыбкаю замёр,
бы рысак
пад пугай канакрада.
Памяць наша — бездані сувой...
Дзе ж сасна,
што слухала, як плачам
разрывала крокаў Вашых шво
ў спадзяванні,
што змагу зыначыць
Ваш прысуд:
ад сэрца адарваць...
Адарвала.
Дзякую.
Не помню
ні сасны, ні спробы дараваць...
Засталіся толькі словы-промні
у радках збалелых сумаваць.
Словы — промні...
I туга — радзей...
Смутак губ i адзінота локцяў
прытулілі лета да грудзей,
вернутае гронкай белых флёксаў.
Ix прынёс...
Ці варта, хто прынёс?
Выпілі бабулі нашы гора,
i ўсміхнуцца вырашыў мне лес,
ды пра гэта гучна не гавораць.
Што маё?.. Пра Вас хачу найперш
чуць цяпер, далёкі мой i светлы...
Ціха як...
Я ж рада Вам, як ветру...
Боль той даўні —
мой найлепшы верш.