*
Ты гаворыш, лепшае ў былым...
Дні былі напраўду дарагімі,
ды ці трэба жыць далёкім тым,—
мроямі і радасцямі тымі.
Ты гаворыш, светлае ў былым...
Божа мілы, многага не вернеш,
але глянь, здаецца залатым
колас, поўны наліўнога зерня.
Пэўна, сёння ўспомніць ты схацеў,
як страсала летні ўбор чарэшня,
а лісток адзіны ацалеў,—
што ён сніў над калыханкі снежня?
Многа снежняў зведае зямля,
ды цяпер мне мілы яе колас...
Ты прыцішвай раздражнёны голас,
каб не шкадаваць чаго пасля.
*
Чуеш,
побач будзіць былку чмель.
Бачыш,
разгуляліся стракозы...
Не ўяўляла колісь, каб бружмель
адцвітаў і... наплывалі слёзы.
I не чула, каб рака раней
на крутых парогах ледзь шумела
І каб я, ледзь позірк твой кране,
замаўляць надоўга жаль умела.
*
Пасля імглістай хмурнае пары,
калі нарэшце сцішыцца залева,
спакойна спіць змяя ў траве ля дрэва,
ты ж пеначку ў галлі пазнай па спевах
і, нібы з ёй, са мной пагавары.
Пра навальніцы і пра збажыну,
пра новы дзень і невыноснасць тлуму,
яшчэ пра тое, што мяне адну
ты прывучыў, як да сябе,— да суму...
I, сумнай, сніцца рук тваіх сіло,
а ты гаворыш,— лепшае было.