Не д'яблік з чараўнічай табакеркі,
а вечар шчодры ўсім раздаў дары...
Дзяўчынкам — лялькі,
хлопчыкам — цукеркі,
а мне — твая пяшчота да зары.
Сукенак жар, усмешкі, як пагоня...
Сярод знаёмых твараў ты адзін,
хто расказаў маёй душы сягоння
ўсю радасць святу дадзеных гадзін.
Магу смяяцца, лёгенька кружыцца
пад позіркам, што ўзнёс мяне да зор...
Ці поўні бляск, ці цацка заіскрыцца,
ў паглядзе — пал,
адчайнасць
і дакор...
«Люблю цябе...» — выводжу на сурвэтках,
люблю цяпер... Хацелася б — заўжды.
I твар хаваю ў папяровых кветках,
і чую пах духмянай рэзеды.