Не абяцаюць, калі ўсё — цацанка.
Таксама я... Што даць табе магла?
Шчыруе ў днях гарэзлівых каханка,
а я табе каханаю была.
Няхай мне доля мужнасць выкладае,
жанчыне слёзы дадаюць гадоў...
Стаю на раздарожжы маладая,
а ў маладое — шмат заўжды шляхоў.
Пражытае на дне вачэй хаваю,
жыву з цяпельца даўняга святла...
Забытая! Няхай. Затое знаю,
што я табе каханаю была.