Ледзь толькі промень жвавы глянуў
на дах гасцініцы іржавы,
мы з'ехалі цішком з Варшавы
ў адчайна бэзавы Вілянуў.
I повязь гронак тых павіслых
духмянай сыпала парошай,
нас прывячала ціха Вісла
санлівым шэптам: «Bardzo proszę».
Такім агнём палілі промні,
так бэз шумеў раскалыханы,
што весела было не помніць
таго, хто быў маім каханым.
Збягалі з юнага пагорка,—
цішэлі словы нечакана,
але пра што была гаворка,
дазвольце ведаць мне ды пану.
Ужо гады нашы прывялі,
а ў пору бэзавай парошы
працяглым рэхам «Bardzo proszę»
камусьці адгукнуцца хвалі...