Дзіўлюся, нібы рэдкай навіне,
зноў голас твой
ці ветру свіст за схілам:
«Хачу, каб ты журылася па мне
і белы свет заўсёды быў нямілым».
Нямілым свет? —
і лотаці, і дрэў,
дзе ўсё цвіло, то раптам адцвітала,
бо я цябе яшчэ тады кахала,
калі пра гэта думаць ты не смеў.
Танюткай вольхі выгінасты ствол
гайдаецца, бы сто ражкоў зайграла...
Толькі тады і бачна хараство,
калі душа адценні ўсе ўвабрала.