Прыйдзі, прыйдзі...
Я вольная ад спраў.
Спявае ноч, і больш такой не будзе.
Сляды твае прыкрыюць пікі траў,
а ў доме — спяць натомленыя людзі.
Што нам да іх,
а ім, тым больш —
да нас?
Я — добрая суседка,
ты — прахожы,
я ложак свой лілеямі ўпрыгожу,—
прыйдзі! —
Сплывае ў прорву ночы час.
Шукаюць рукі ласкі блізкіх рук,
якую ж радасць дзень пры дні насіла,
што ад тваіх,—
усё даўжэй,—
разлук
гатова месяц здзьмухнуць з небасхілу.
Каб стала цёмна, хоць ідзі наўгад
і бойся напароць на нешта вока,
каб ты заплакаў горка між прысад,
усномніўшы, як зараз я далёка.
Прыйдзі й тады... Я пасвячу агнём,
святлом вачэй, і людзі мне... прабачаць,—
прачніцеся, пачуйце, як ён плача,
дапамажыце адшукаць мой дом.