* * *


На жаль, Амур мяне трывожыць зноў.

Ф. Петрарка

Пад шум ракі, над шолахі бярозы,

пад веснавую шчырасць жаўрука

ў маіх радках ты прачытаеш слёзы,

ад іх не ўздрыгне ўпартая рука.

Усюды ты...

і хай даруе творца

прыроды пышнай, сёння не яна

захопленасць мая, мой дол і сонца,

неперажыты дзень і даўніна.

Куды мне бегчы?

На тваім абліччы

былога жару цень лаўлю яшчэ,

ты не пярэч, мне зноў здаецца, клічаш

і позіркам сваім мяне пячэш.

Я потым знікну, як і ўсё жывое,

адлегласць без сустрэч — яна што смерць...

Але скажы мне слова дарагое,

жаданае,— як доўга мне гарэць?

I любавацца кожнай тваёй рыскай,

і невядома ўжо каго маліць...

Ты чуў? —

Амур смяяўся недзе блізка,

маўчы... маўчы...

Яго страла ляціць.

Загрузка...