Жыву з жыцця, i можна было б лепей,
мудрэй, святлей, але вазьму дачку,
i, як дыхнуць, у два старанні злепім
снегавіка на снежным пятачку.
Парадуемся, сядзем, памяркуем,
фантазіі дае крыло — запал,
i вось ужо не лепім, а будуем,
бы на аблоках, з аблачын квартал.
Мы садзім лес,
вяртаем рэчкам воды,
мы думкамі імкнём за небакрай
i ў свет далёкі пад сцягамі згоды
пускаем поўны шчырасці трамвай.
Хтось прыадкрые звыклай позы маску
(адкрыты твар мільгае ўсё радзей),—
а мы хутчэй!.. А мы ствараем казку:
свет новы i не новы для людзей.
Балотца, гай i журавель над гаем,—
чутно, як трызніць казкаю зіма...
I мы яе вясёлаю ствараем,
а сумная народзіцца сама.