Адшуміць i ясень мой, i клен...
Стылым ранкам не тужыце, далі,
што яшчэ нядаўна апякалі
палахлівай марай юных дзён.
А цяпер вы клічаце з прысад
пудкіх птушак у чужое лета
ад платоў, дзе мой жаўцее сад,
да садоў больш цёплай часткі свету.
Пах асенняй прэласці ў гаях,
клёкат пералётны над вадою...
Некалі з птушынай чарадою
адыду ў свой незваротны шлях.
Ды хачу я,
каб у тую сінь,
што цяпла не сцеле над травою,
з годнасцю правёў дарослы сын,
а найлепш — з сівою галавою...
Хустачку нацягваю на скронь,
стала раптам холадна i горка...
Ці не з той дарогі на далонь
кінуў вецер лёгенькае пёрка?