З лета стог, абкладзены кляёнкай.
На штыкетах — жоўтыя глякі...
Недзе мама бразгае даёнкай,
недзе тата носіць смалякі...
Там заўжды здаецца ўсё нязменным,
дворыкі, прыязнасць i давер,
а за хмару дзень ляціць праменны
i сухое лісце — за каўнер.
Ды не сумна змучанай прыродзе,—
дзеля дзён нязнаных адгарыць...
Неўпрыкметку з будучым стагоддзем
клопат мой спрабуе гаварыць.
З кім жа там спусцелы лес гамоніць?
Хаты люд склікаюць пакрысе...
Праца рукі рупныя натоміць,
але дух няскораны ўзнясе.
Як агніста долю выкрасала
не адну ў лясістай той глушы...
Я пра гэта мала так пісала —
ўся любоў засталася ў душы.