РАБІНАВАЯ ГРОНКА


Рабіна гронкай распаліла

світанак там, дзе лес радзее,

я сёння зноўку паўтарыла

урок няспраўджанай надзеі.

Ты не адзін, а я зірнула

так, як глядзяць на закаханых,

нібыта ўпершыню адчула

ласкавасць рук, навек адданых.

Паўночны вецер быў лагодным,

і турбавала толькі тое,

што мой світэрак старамодны

залішне змрочным быў са строяў.

Шчаслівы міг чакаць кагосьці,

хацела засмяяцца звонка,

а ты не ўспомніў маладосці...

Бывай, рабінавая гронка!

Загрузка...