Старэюць людзі, дрэвы i кусты,
прыроды рух,— ён i суддзя, i сведка,
ужо да зор пракладзены масты,
a ў вечнасці не быў ніхто ў адведках...
Па ніцях нерваў мой сыходзіць час
пад дахам, дзе заўжды ў адным парадку
з зімы ды ў лета вечны Валапас
пераганяе зоркавыя статкі.
I ўсе законы — i быцця, i з'яў,
як не праломіць векавая прызма,—
жыццё ў абсягах вечных толькі прысмак,
а што ёсць смак,—
ніхто мне не сказаў.