На сцежку выйду палявую,
дзе адгарае зверабой,
i цень за мною мой палюе,
як я за доляю сваей.
Не ўспамінаю, што забыта,
мае заўжды жыве пры мне,
удаль гукну, i мятлік з жыта
да рук даверліва прымкне.
За даўнасцю не шкодзяць страты,
без груза лішняга лягчэй
глядзець на летні луг стракаты
вяселым полымем вачэй.
I лугавая птушка хліча,
i ад травы салодкі пах
змывае горкі пыл з аблічча
i застывае на губах.
Мне гэты пах даўно вядомы,
i ўжо прыкідвае цану,
як ліха горкае бяздомны,
мой прыцемак з-за бур'яну.
I не грашыма — дробязь грошы!
ен возьме іншым, як бяруць
садоў ружовыя парошы
у салаўіную пару.
За нечаканы міг удачы
i за вячэрнюю зару,
з якой я голасам гарачым
пра дзень шчаслівы гавару.