* * *


Ні славай, ні бясслаўем не дарыў,

спякотных руж улетку не прыносіў,

пакінуў у акне святло зары,

якою пахваліцца можа восень.

I ўсё чамусьці думаў,— абакраў,

і ўжо не раз спраўляў па мне хаўтуры,

ды весела жыло ў маёй натуры

святло, што паварочвала да спраў;

да дзён, дзе вольна ў небе жаўруку,

дзе матылькі над лугам карагодзяць...

Бывай... Мне падае сваю руку

наступнае трывожпае стагоддзе.

Цяхцінскі бэз, дзяцей і ўнукаў смех,

пяшчоту мужа і цяпло матулі,

у родным лесе галасок зязюлі,

а ў родным полі белы-белы снег,

і мары, што з надзённага ляплю,

і брэсцкую калючую шыпшыну,—

усё вазьму, чым жыва, што люблю,

ў той новы век,— толькі цябе пакіну...

А тонкія маршчынкі на ілбе,

што ўжо ніякай радасцю не сцерці,

як знак адтуль, што мне там без цябе

ужо не страшна будзе і памерці.

Загрузка...