Здзіўляемся загадцы Баальбека
і некалі загадкай станем самі,
час замяце крылатымі вякамі
імгненне,
што завецца нашым векам.
Парушацца глыбокіх нетраў дахі,
тысячагоддзяў расхінецца полаг,
адкрые нас дасужы археолаг,
адкрыўшы нашых збудаванняў гмахі.
I будзе зачароўваць рамяство
майстроў, чые пагубяцца імёны,
і вершы нашы будуць, як пісьмёны,
што тояць дум высокіх хараство.
Стварэння прага ў будучыню кліча,
мой найхарошы, сэрцам не грашы,
хачу заўсёды бачыць за абліччам
мне любым — прыгажосць тваёй душы.