Пяюцца гучна оды часу,
ды з кожным днем цяжэй Пегасу
сярод бетону i машын.
Мінецца ўсе...
Адно нятленна,
што разварушвае нязменна
турботы горкія душы...
Па снезе мама йдзе да студні,
пейзаж адзін малююць будні,
i гоіць думкі светам гэтым,—
аплаканым
i зноў апетым,
a ноччу размаўляе з тым...—
халодным,
змрочным,
нежывым,—
куды сыходзіць ўсё жывое,
далёкае
i дарагое,
скуль не вяртаецца ніхто...
Яму раскажа пра кароўку,
пра Вольку —
хворую залоўку,
з пытаннем:
a паробіш што?..
Сплеў кош для бульбы
брат стрыечны,
ёсць луста хлеба да яечні,
хоць даглядае Вольку сват...
Ад студні мама йдзе няспешна,
свет для яе, святы i грэшны,
сышоўся на акенцах хат,
дзе не рыпяць бадзёра ганкі,
дзе ўнукам не майструе санкі
маўклівы дзед, a круціць вус...
Мятуць імклівыя завеі,
бы рассыпае хтось лілеі
на сцежкі роднае абрус...